lipski


зацемкі на боцех

меркаваньне аўтара не заўжды супадае зь яго пунктам гледжаньня


Папярэдні запіс Share Наступны запіс
Пра Дзяржсакратара Саўбеза
lipski
Набліжаецца пятніца, якая ў нас ужо традыцыйна стала днём кадравых рашэнняў. А ў краіне не запоўненая важная вакансія - Дзяржсакратара Саўбеза. Тут выказваюцца самыя розныя версіі, хто ім можа быць прызначаны. Самыя распаўсюджаныя , што я чуў, - гэта Шэйман і Віктар Аляксандравіч. Мне абодва падаюцца малаверагоднымі.

Трэцяе прышэсце Шэймана будзе азначаць, што на адносінах з ЕС Мінск паставіў тлусты крыж, бо гэта будзе адназначна кепскі сігнал для Брусэлю. Усіх падазраваных ва ўдзеле ў знікненні апазіцыянераў паступова паздымалі менавіта маючы на ўвазе паляпшэнне адносінаў з Захадам. А зараз якраз аднаўляюцца спробы лавіравання паміж Расіяй і Захадам. Таму, мяркую, што час Шэймана яшчэ не надыйшоў. Хаця ён адзін з нямногіх, каму Лукашэнка давярае, і хто мог бы заняць пасаду Дзяржсакратара.
Віктар Аляксандравіч. Безумоўна, тое было б дужа лагічна. Дарадца прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, назапасіў досведу на гэтай пасадзе, фактычна курыруе сілавыя структуры, карыстаецца даверам. Але: Дзяржсакратар Саўбеза - пасада палітычная, і прызначэнне на яе сына будзе ўспрынята без разумення. І Захадам, і наменклатурай, і электаратам. Гэта ўжо пэўная заяўка на пераемнасць. А ў нас усё ж не Азербайджан і не Чачня. Ды й сітуацыя палітычная пакуль што дазваляе ўстрымлівацца да такіх крокаў.
Каму яшчэ можна даверыць такую пасаду? Андрэй Кабякоў. Амаль сваяк прэзідэнта, праходзіць гарніла кіраўніка АП, праз якое таксама калісьці прайшлі Дзяржсакратары Шэйман, Нявыглаз і Латыпаў. Але да бяспекі меў невялікае дачыненне. Гэты хутчэй пойдзе на прэм'ерскую пасаду, пасля таго, як ўрад Мясніковіча не выканае прагнозныя паказчыкі.
Далей: пагранцы Вакульчык, Зайцаў, Рачкоўскі. Калі ў апошніх двух яшчэ не скончыўся "тэрмін адстоя" пасля скандальных падзеяў, з якімі быў звязаны іх адыход у цень, то першы, нягледзячы на тое, што быў пастаўлены кіраваць КДБ не так даўно, можа стаць новым Дзяржсакратаром, улічваючы, што лаўка запасных у прэзідэнта надта кароткая. А Валер Паўлавіч зарэкамендаваў сябе з лепшага боку і ў ААЦ, і ў Следчым камітэце. І з сілавікоў зноў-такі.
Ну і засталася цёмная лашадка - кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта Андрэй Ўцюрын. Асоба непублічная і малавядомая. Але безумоўна ў даверы ў Лукашэнкі. Ды і гісторыя паказвае, што такі прэцэдэнт ужо быў, калі Юры Жадобін перайшоў на пасаду Дзяржсакратара Саўбеза са службы бяспекі (праўда амаль год пабыўшы галоўным чэкістам краіны).
Але ўсё ж вялікая верагоднасць, што з новым Дзяржсакратаром будзе як калісьці з Румасам, які збіраўся ў Нацбанк, а прэзідэнт вырашыў, што быць яму віцэ-прэм'ерам па эканоміцы.

?

Log in

No account? Create an account