?

Log in

No account? Create an account

lipski


зацемкі на боцех

меркаваньне аўтара не заўжды супадае зь яго пунктам гледжаньня


Пра Крым
lipski
Падсумую тут выказаныя раней на розных пляцоўках думкі пра Ўкраіну і Крым:

  1. Пра матывы. Расіі Крым як суб’ект РФ непатрэбны – гэта дорага і нязручна. У Крыме Расія абараняе свае актывы (у першую чаргу - флот) ад рэвалюцыйнага бардака. Паралельна вырашаюцца задачы недапушчэння адыходу Ўкраіны ў еўраатлантычныя структуры і палітычнага кантролю ў будучым шляхам стварэння доўгатэрміновага замарожанага тэрытарыяльнага канфлікту, а таксама даецца ўрок заходнім палітыкам, якія лічуць нармальным тусавацца на майдане і карміць з рук Беркут, але няздатныя на будзь-якія сур’ёзныя палітычныя захады (не кажучы пра вайсковыя), каб “падтрымаць тых, каго прыручылі”. А заадно новай украінскай уладзе наглядна дэманструюць меру яе слабасці і бездапаможнасці.

  2. Праграма-максімум Расіі, такім чынам, - федэралізацыя Ўкраіны, кантроль праз мясцовыя эліты, уцягванне Кіева ў еўразійскую інтэграцыю. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што Крым наўрадці будзе ўключаны ў склад РФ, а будзе рэалізаваны больш складаны сцэнар, у якім паўвостраў будзе разменнай картай.

  3. Украіне ваяваць няма чым: войска небаяздольнае, унутраныя войскі разваленыя, гвардыя ствараецца, але яна не можа стаць рэальнай баявой сілай у канфлікце з РФ. Таму Ўкраіна будзе і надалей ухіляцца ад узброенага супраціву “зялёным чалавечкам” (якія, магчыма, з’яўляюцца прадстаўнікамі расійскіх і не толькі расійскіх ЧОПаў), спрабаваць уцягнуць у канфлікт краіны Захаду і выкарыстоўваць зацягнутае супрацьстаянне для ўнутранай кансалідацыі грамадзян Украіны “вакол сцяга”.

  4. Расія ваяваць з Украінай будзе толькі ў самым скрайнім, вымушаным варыянце, бо з гэтага занадта шмат мінусаў: Украіну ў ЕАС ужо не ўцягнеш, крывавая і стратная партызанка, міжнародная ізаляцыя. Таму хутчэй за ўсё канфлікт будзе замарожаны, Расія будзе эканамічна браць Украіну на ізмор у чаканні, што украінскія ўлады (ці нейкая новая ўлада, калі ва Ўкраіне будзе працяг Майдана) самі прыйдуць па дапамогу на расійскіх умовах.

  5. Захад не будзе рызыкаваць развязаць новую сусветную вайну з-за Крыма, статус якога незразумелы (юрыдычна вайны няма, інтэрвенцыя РФ на 100% недаказаная, легальнасць і легітымнасць новай улады ў Кіеве таксама не крыштальная, рэферэндум які-ніякі адбыўся, гуманітарнай катастрофы не назіраецца). Еўрапейцам ваяваць наксама няма чым. Ваяваць могуць толькі Штаты, для каторых Украіна не прыярытэтны рэгіён. Рытарычна Украіну яны падтрымаць могуць, дзеля азарту, каб рускія не расслабляліся, але цалкам рваць адносіны з Расіяй (з якой апошнім часам атрымліваецца супопольна рабіць справы – Сірыя, Іран) яны не будуць.

  6. Праз нейкі час акажацца, што Захад не гатовы нават несці фінансавыя выдаткі, каб дапамагчы падтрымаць новую ўкраінскую ўладу ў неабходнай меры. Таму, або гэтай уладзе (калі яна акажацца кемлівай), або наступнай, ужо пасля сацыяльнага Майдана (калі цяперашняя ўлада не будзе надта кемлівай) прыйдзецца дамаўляцца з Масквой пра дапамогу ўзамен самі ведаеце на што. У любым разе, Кіеву прыйдзецца ісці на геапалітычныя кампрамісы і шукаць варыянтаў балансу паміж Захадам і Расіяй, то бок рабіць прыкладна тое, што спрабаваў рабіць Януковіч. Толькі больш акуратна і прадумана. Юля для гэтага добра б падыйшла. Урэшце, калідор магчымасцяў не такі шырокі і любая ўлада вымушаная будзе дзейнічаць падобнымі метадамі.

  7. У астатнім – рэкамендацыі Кісінджэра – больш чым адэкватныя.